Гісторыя Ізраіля
Гісторыя яўрэйскага народа |
---|
Першай яўрэйскай дзяржавай на тэрыторыі сучаснага Ізраіля стала Ізраільска-Іўдзейскае царства. Пазней яно распалася на Іўдзейскае і Ізраільскае царства. Апошняе праіснавала ўсяго 70 гадоў. У I стагоддзі нашай эры пала Іўдзейская дзяржава. На працягу наступных 2 тысячагоддзяў гэты рэгіён прыналежаў розным імперыям. Увесь гэты перыяд яўрэі не мелі ўласнай дзяржавы. Толькі ў 1948 г. яны змаглі аднавіць сваю дзяржаўнасць, стварыўшы Ізраіль.
Старажытнасць
[правіць | правіць зыходнік]Найстаражытная гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Самымі старажытнымі насельнікамі сучаснай тэрыторыі Ізраіля былі неандэртальцы. Першыя людзі сучаснага тыпу з’явіліся ў гэтым рэгіёне прыкладна 75 тысяч гадоў таму[1].
У 10—8 тысячагоддзях да н. э. сучасная тэрыторыя Ізраіля ўваходзіла ў арэал натуфійскай культуры, носьбіты якой упершыню ў гісторыі пачалі культываваць збожжавыя.
Прыкладна 9 тысяч гадоў таму ў гэтых месцах пачалася неалітычная рэвалюцыя і з’явіліся першыя паселішчы. Прыблізна гэтым перыядам датуецца з’яўленне першага вядомага гісторыі горада, акружанага сцяной, — Ерыхона. Ханаан, першыя семіцкія плямёны, з’явіліся тут прыкладна ў 4—3 тысячагоддзі да н. э. Наступныя 2—3 тыс. гадоў краіна знаходзілася пад кіраваннем Старажытнага Егіпта.
Ізраільска-Іўдзейскае царства
[правіць | правіць зыходнік]Каля 1200 г. да н.э. ў Ізраілі з’яўляюцца першыя яўрэйскія паселішчы. У канцы XI стагоддзя да н.э. яны ствараюць у рэгіёне Ізраільска-Іўдзейскае царства. Згодна з Бібліяй, дзяржава заснавана прарокам Самуілам і першым ізраільскім царом Саулам.
Найбольш вядомым кіраўніком дзяржавы з’яўляецца цар Саламон. Пры ім старажытнаяўрэйская рабаўладальніцкая дзяржава дасягнула свайго росквіту. Кіраўнік ажыццявіў адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу і замест былога племяннога падзелу краіны ўвёў у ёй сістэму акруг, дзякуючы якой стварыўся разгалінаваны адміністрацыйны апарат. Устанавіў цвёрдую сістэму падаткаў, працоўную і воінскую павіннасці, ажыццяўляў шырокае будаўніцтва гарадоў, умацаваў сталічны Іерусалім, а для ўзвышэння яго дзяржаўна-палітычнага значэння і цэнтралізацыі культу бога Яхве пабудаваў у сталіцы пышны храм.
Пасля смерці цара Саламона дзяржава распалася на Іўдзейскае і Ізраільскае царствы. Апошняе праіснавала ўсяго 70 гадоў.
Іўдзейскае царства
[правіць | правіць зыходнік]Першым царом Іўдзейскага царства быў сын Саламона Раваам (928—911 да н.э.). Дзяржава вяла войны з Ізраільскім царствам, Егіптам, філістымлянамі, Дамаскам, Асірыяй. Значнай вяхой у гісторыі царства было валадарства Іасіі, калі яно вызвалілася ад асірыйскай няволі і нават далучыла да сябе значную частку былога Ізраільскага царства. Тады было аблегчана становішча рабоў-даўжнікоў і праведзена цэнтралізацыя культу Яхве ў Іерусаліме. Нягледзячы на сваю слабасць, Іўдзея праявіла сваю жывучасць і праіснавала даўжэй, чым Ізраільскае царства.
Пасля заваявання вавілонскім царом Навухаданосарам, значная частка іудзеяў выведзена ў Вавілонію (вавілонскі палон). Персідскі цар Кір II вярнуў палонных у Палесціну (538 да н.э.), дазволіў аднавіць Іерусалім; улада перададзена ў рукі калегіі жрацоў пад наглядам персідскага сатрапа. Толькі праз 70 гадоў пасля вавілонскага палону Іўдзея аднавіла сваю дзяржаўнасць.
У IV стагоддзі н.э. Іўдзейскае царства падначалена Аляксандрам Македонскім. Пасля смерці палкаводца царства стала незалежным пад уладай дынастыі Хасманеяў.
Да канца I стагоддзя нашай эры дзяржава была заваявана Рымскай імперыяй.
Рымскі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]63 г. да н.э. — Іўдзейскае царства становіцца васалам Рымскай імперыі.
Першая палова I стагоддзя н.э. — дзейнасць Ісуса і апосталаў ў Іўдэі.
66—73 гады н.э. — Іўдзейская вайна, Іўдзея страчвае аўтаномнасць.
132—135 гады н.э. — паўстанне Бар-Кохбы ва Іўдзеі.
135 г. н.э. — рымляне пераназвалі правінцыю Іўдзея ў «Сірыя Палесціна».
395 г. н.э. — у выніку распаду Рымскай імперыі тэрыторыя сучаснага Ізраіля пераходзіць да Візантыі.
Сярэдневечча
[правіць | правіць зыходнік]У 614 годзе сучасны Ізраіль быў заваяваны Персіяй і ўвайшоў ў склад імперыі Сасанідаў. Авалодаўшы Іерусалімам, персы перадалі яго яўрэям. Аднак, кантроль над Іерусалімам заставаўся ў іх руках толькі на працягу трох гадоў.
Пасля перамогі над Персіяй у 629 годзе візантыйскі імператар Іраклій урачыста ўступіў у Іерусалім. Палесціна (тагачасная назва Ізраіля) зноў стала візантыйскай правінцыяй. У 629—630 гадах, у выніку масавых забойстваў і ганенняў на яўрэяў, пачатых Іракліем, яўрэяская прысутнасць у рэгіёне дасягнула свайго мінімуму за ўсю трохтысячагоднюю гісторыю. Тым не менш, яна на тэрыторыі сучаснага Ізраіля ніколі не спынялася цалкам.
У 638 годзе Палесціну заваявалі арабы. З гэтага перыяду пачалася арабізацыя рэгіёну і пранікненне ісламу.
Эпоха арабскага валадарства ў Палесціне дзеліцца на чатыры перыяды: заваяванне і засваенне краіны (638—660 гады), дынастыя Амеядаў (661—750), дынастыя Абасідаў (750—969), дынастыя Фацімідаў (969—1099).
З 1099 па 1187 год крыжакі заснавалі тут Іерусалімскае каралеўства. Аднак ужо ў 1187 годзе Салах-ад-Дзін узяў Іерусалім, а ў 1291 годзе пала апошняя крэпасць крыжакоў Акра.
У 1260 годзе Палесціна перайшла ў рукі дынастыі Мамлюкаў.
Асманскі перыяд
[правіць | правіць зыходнік]У 1517 годзе тэрыторыя Ізраіля была заваяваная туркамі-асманамі пад правадырствам султана Селіма I. На працягу 400 гадоў яна заставалася часткай велізарнай Асманскай імперыі (Бліскучай Порты), якая ахоплівала значную частку Паўднёва-Усходняй Еўропы, усю Малую Азію і Блізкі Усход, Егіпет і Паўночную Афрыку[2].
У Асманскай імперыі іудзеі мелі статус «зімі» — гэта значыць карысталіся адноснай грамадзянскай і рэлігійнай свабодай, але не мелі права насіць зброю, служыць у войску і ездзіць на конях, а таксама былі абавязаныя плаціць асаблівыя падаткі[3]. У гэты перыяд яўрэі Эрэц-Ісраэль жылі галоўным чынам за кошт дабрачынных паступленняў з-за мяжы («халука»). На працягу XVI стагоддзя вялікія яўрэйскія абшчыны раслі і развіваліся ў чатырох святых (для іўдаізму) гарадах: Іерусаліме, Хеўроне, Цфаце і Цверыі .
На пачатку XVIII стагоддзя была распачата адна з самых значных спроб аліі з Еўропы і абнаўлення яўрэйскага рэлігійна-нацыянальнага цэнтра ў Іерусаліме. На чале гэтага руху стаяў рабін Іегуда Хасід, які прыбыў у Іерусалім у 1700 годзе на чале прыкладна тысячы сваіх паслядоўнікаў — выхадцаў з розных краін Еўропы. Аднак сам Іегуда Хасід пасля прыбыцця ў краіну раптам памёр, а абшчына распалася з-за даўгоў. Ашкеназская сінагога была спаленая крэдыторамі-арабамі (1720), а яўрэі-ашкеназы выселены з горада. Доўгі час пасля гэтых падзей яўрэйскія імігранты з Еўропы сяліліся галоўным чынам у Хеўроне, Цфаце і Цверыі.
На пачатку 1799 года ў Палесціну ўварваўся Напалеон. Французам атрымалася авалодаць Газай, Рамлай , Лодам і Яфай. Аднак французскі палкаводзец не здолеў авалодаць крэпасцю Ака і быў вымушаны адступіць у Егіпет.
У 1800 годзе насельніцтва Палесціны не перавышала 300 тыс., 5 тыс. з якіх складалі яўрэі (галоўным чынам, сефарды). Большая частка яўрэйскага насельніцтва была сканцэнтравана па-ранейшаму ў Іерусаліме, Цфаце, Цверыі і Хеўроне. Галоўныя месцы канцэнтрацыі хрысціянскага насельніцтва (каля 25 тыс.) — у Іерусаліме, Назарэце і Віфлееме — кантраляваліся праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі. Астатняе насельніцтва краіны складалі мусульмане, амаль усе — суніты.
У перыяд 1800—1831 гадоў тэрыторыя краіны дзялілася на дзве правінцыі (вілаеты). Цэнтральна-ўсходні горны раён, які распасціраўся ад Шхема на поўначы да Хеўрона на поўдні (уключаючы Іерусалім), адносіўся да Дамаскага вілаета; Галілея і прыбярэжная паласа — да вілаета Ака. Большая частка Негева знаходзілася ў гэты перыяд па-за асманскай юрысдыкцыяй.
У 1832 тэрыторыя Палесціны была заваяваная Ібрахім-пашой, сынам і ваенным начальнікам віцэ-караля Егіпта Мухамада-Алі. Палесціна, паўночная мяжа якой дасягала Сідона, стала адзінай правінцыяй з цэнтрам у Дамаску. Егіпцяне, якія кіравалі краінай восем гадоў (1832—1840), правялі некаторыя рэформы па еўрапейскім узоры.
У XIX стагоддзі Іерусалім зноў ператварыўся ў важнейшы яўрэйскі цэнтр Эрэц-Ісраэль. Цфат, які супернічаў з Іерусалімам за духоўную ўладу, моцна пацярпеў у выніку землятрусу (1837), які забраў жыцці каля 2 тыс. яўрэяў, і прыйшоў у заняпад.
У 1841 годзе Палесціна і Сірыя вярнуліся пад непасрэдны кантроль Турцыі. Да гэтага часу колькасць яўрэйскага насельніцтва Палесціны падвоілася, у той час як хрысціянскага і мусульманскага — засталася без змены.
Да 1880 года насельніцтва Палесціны дасягнула 450 тыс. чалавек, з якіх 24 тыс. складалі яўрэі. Большасць яўрэяў краіны жылі ў чатырох гарадах: Іерусаліме (дзе яўрэі складалі больш за палову ўсяго насельніцтва ў 25000 чал), Цфаце (4 тыс.), Цверыі (2,5 тыс.) і Хеўроне (800), а таксама ў Яфе (1 тыс.) і Хайфе (300). Іерусалім стаў найбуйнейшым горадам у краіне.
Імкненне яўрэяў да Сіёну і зараджэнне палітычнага сіянізму
[правіць | правіць зыходнік]Сярод яўрэяў, якія жылі ў дыяспары, заўсёды было распаўсюджана моцнае імкненне вярнуцца да Сіёна. Пачынаючы з XII стагоддзя пераслед яўрэяў хрысціянскай царквой прывёў да іх прытоку на Святую зямлю. У 1492 годзе гэты паток істотна папоўніўся яўрэямі, выгнанымі з Іспаніі, якія заснавалі яўрэйскую абшчыну Цфата.
Першая вялікая хваля сучаснай іміграцыі, вядомая як Першая Алія (іўр.: עלייה), пачалася ў 1881 годзе, калі яўрэі былі вымушаныя ратавацца ўцёкамі ад пагромаў ва Усходняй Еўропе[4].
Заснавальнікам палітычнага сіянізму — руху, які ставіў сваёй мэтай пабудову яўрэйскай дзяржавы на зямлі Ізраіля, падымаючы яўрэйскае пытанне на міжнароднай арэне — лічыцца Тэадор Герцль[5][6]. У 1896 годзе Герцль апублікаваў сваю кнігу «Яўрэйская дзяржава» (ням.: Der Judenstaat), у якой выклаў сваё бачанне будучыні яўрэйскай дзяржавы. Ужо ў наступным годзе Герцль кіраваў першым Сусветным яўрэйскім кангрэсам[7].
Другая Алія (1904—1914 гады) пачалася пасля Кішынёўскага пагрому. Прыблізна 40 тыс. яўрэяў пасялілася ў Палесціне[4]. Большасць імігрантаў першай і другой аліі былі артадаксальнымі яўрэямі[8], але другая Алія ўключала таксама і сацыялістаў, якія заснавалі кібуцны рух[9].
Тым не менш, не ўсе яўрэі першапачаткова падтрымлівалі ідэі сіянізму, а значная частка артадаксальных рабінаў лічыла, што рух палітычнага сіянізму супярэчыць законам Торы. Пасля некаторыя асабліва артадаксальныя рабіны па гэтай прычыне адмовіліся таксама прызнаваць яўрэйскі характар Дзяржавы Ізраіль[10].
XX стагоддзе
[правіць | правіць зыходнік]У снежні 1916 года ў Палесціне пачынаюцца баявыя дзеянні Першай сусветнай. Тут баявыя дзеянні вяліся паміж брытанскімі і турэцкімі войскамі. Удзел у баях у Палесціне ў 1916—1918 гадах прымалі невялікія сілы Францыі, Германіі і Аўстра-Венгрыі[11].
У 1922 г. Ліга Нацый уручыла Вялікабрытаніі мандат на Палесціну. У той час краіну засялялі пераважна арабы-мусульмане, аднак самы буйны горад, Іерусалім, быў пераважна яўрэйскім.
Уздым нацысцкай ідэалогіі ў 1930-х гадах у Германіі прывёў да наплыва чвэрці мільёна яўрэяў у Палесціну, якія ратаваліся ад нацызму. Гэты наплыў скончыўся Арабскім паўстаннем 1936—1939 гадоў і выданнем Вялікабрытаніяй «Белай кнігі », якая фактычна прыпыніла іміграцыю яўрэяў у Палесціну. Краіны свету адмаўляліся прымаць яўрэяў, якія ратаваліся ад Халакосту, што разам з забаронай Вялікабрытаніі на перасяленне ў Палесціну фактычна азначала смерць для мільёнаў. Для абыходу забароны на іміграцыю ў Палесціну была створана падпольная арганізацыя «Масад ле-Алія Бэт», якая дапамагала яўрэям нелегальна дабрацца да Палесціны.
Пасля 1945 года Вялікабрытанія апынулася ўцягнутая ў нарастаючы канфлікт з яўрэйскім насельніцтвам.
У 1947 годзе брытанскі ўрад адмовіўся ад мандата на Палесціну, аргументуючы гэта тым, што ён не здольны знайсці прымальнае рашэнне для арабаў і яўрэяў.
14 мая 1948 г., за адзін дзень да заканчэння брытанскага мандата на Палесціну, Давід Бен-Гурыён абвесціў стварэнне незалежнай дзяржавы — Ізраіль. Неўзабаве маладая дзяржава ўступіла ў канфлікт з арабамі.
У наступным, Ізраіль, якога падтрымаў Захад, неаднаразова ўступаў у розныя узброеныя супрацьстаянні з арабскімі краінамі, якія заручыліся падтрымкай СССР.
Канфлікты паміж Ізраілем і арабскімі краінамі ў XX стагоддзі:
- Першая араба-ізраільская вайна (1947—1949)
- Суэцкі крызіс (1956)
- Шасцідзённая вайна (1967)
- Вайна на знясіленне (1967—1970)
- Вайна Суднага дня (1973)
- Першая Ліванская вайна (1982)
Да канца XX стагоддзя адносіны паміж Ізраілем і арабскімі краінамі нязначна нармалізаваліся. Усё пачалося з таго, што Іарданія і Егіпет прызналі Дзяржаву Ізраіль. Затым, 23 кастрычніка 1998 года, паміж ізраільскім урадам і ПНА быў заключаны мемарандум Уай-Рывер. Пагадненне прадугледжвала перадачу тэрыторыі Іўдзеі і Самарыі пад кантроль Палесцінскай адміністрацыі ў абмен на абавязацельства прыняцця эфектыўных мер па барацьбе з тэрарызмам[12][13].
У ліпені 2000 года пры пасярэдніцтве ЗША прайшла сустрэча паміж палесцінскім лідарам Ясірам Арафатам і прэзідэнтам Ізраіля Эхудам Баракам. Палітыкі разгледзелі план стварэння палесцінскай дзяржавы на 97 % тэрыторыі Заходняга берага ракі Іардан і сектара Газа. Аднак перамовы ліпеня 2000 года толькі пагоршылі адносіны паміж палесцінцамі і ізраільцянамі, што прывяло да Інтыфады Аль-Аксы.
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]- 16 студзеня 2003 — Стартаваў шатл «Калумбія» з першым ізраільскім касманаўтам Іланам Рамонам на борце.
- З 12 ліпеня па 14 жніўня, 2006 — Другая ліванская вайна паміж Ізраілем і Хезбалой.
- З 7 ліпеня па 26 жніўня 2014 — Ізраіль правёў аперацыю «Непарушная скала» супраць Палесціны.
- 6 снежня 2017 — Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў аб прызнанні Іерусаліма сталіцай Ізраіля і даручыў перанесці туды пасольства ЗША.
- З сакавіка 2018 — шэраг сутыкненняў паміж Ізраілем і Палесцінай[14][15].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Палестина . «Кругосвет». Праверана 7 июля 2008.
- ↑ Palestine: The Crusades (англ.) (17 снежня 2007). Праверана 19 сентября 2007.
- ↑ Турция // Электронная еврейская энциклопедия — eleven.co.il
- ↑ а б Immigration (англ.). Jewish Virtual Library. The American-Israeli Cooperative Enterprise. Праверана 12 июля 2007. The source provides information on the First, Second, Third, Fourth, and Fifth Aliyot in their respective articles. The White Paper leading to Aliyah Bet is discussed here.
- ↑ Kornberg 1993 «How did Theodor Herzl, an assimilated German nationalist in the 1880s, suddenly in the 1890s become the founder of Zionism?»
- ↑ Herzl 1946, p. 11
- ↑ Chapter One: The Heralders of Zionism (англ.)(недаступная спасылка). Jewish Agency for Israel. Архівавана з першакрыніцы 27 красавіка 2009. Праверана 12 июля 2007.
- ↑ Stein 2003, p. 88
- ↑ Romano 2003, p. 30
- ↑ Истинные иудеи против государства Израиль (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2008. Праверана 29 верасня 2018.
- ↑ Dale, C.. German Forces in the Ottoman Empire 1914–1918 (англ.). Germancolonialuniforms.co.uk. Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2011. Праверана 14 июня 2011.
- ↑ Двусторонние переговоры Израиль-палестинцы на сайте министерства иностранных дел Израиля
- ↑ Хронология палестино-израильского конфликта . BBC (октябрь 2000). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2012. Праверана 14 лютага 2012.
- ↑ News21.by: Израиль атаковал 70 объектов Палестины
- ↑ Палестинские боевики обстреляли израильских солдат
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- глава 14 «Формирование израильской республики», Говард Сакер, «История Израиля», том 3 (стр. 9-65), Иерусалим: Библиотека «Алия», выпуск 194 [1995]
- Арабы однажды уже признали Израиль, 2009 — глава из книги Эдвина Блэка «Прибывая в Багдад. Особенности 7000-летней иракской истории войн, прибылей и конфликтов». Перевод Владимира Заева
- Bregman, Ahron (2002), A History of Israel, Palgrave Macmillan, ISBN 0333676319
- Crowdy, Terry (2006), The Enemy Within: A History of Espionage, Osprey Publishing, ISBN 1841769339
- Fraser, T. G. (2004), The Arab-Israeli conflict, Palgrave Macmillan, ISBN 9780333717066
- Gelvin, James L. (2005), The Israel-Palestine Conflict: One Hundred Years of War, Cambridge University Press, ISBN 0521852897
- Gilbert, Martin (2005), The Routledge Atlas Of The Arab-Israeli Conflict (8th ed.), Routledge, ISBN 0415359007
- Herzl, Theodor (1946), The Jewish State, American Zionist Emergency Council, ISBN 0486258491
- Kornberg, Jacques (1993), Theodor Herzl: From Assimilation to Zionism, Indiana University Press, ISBN 0253332036
- Romano, Amy (2003), A Historical Atlas of Israel, The Rosen Publishing Group, ISBN 0823939782
- Stein, Leslie (2003), The Hope Fulfilled: The Rise of Modern Israel, Greenwood Press, ISBN 0275971414